15 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пад Оршай 14 ліпеня 1941 года свой першы бой прыняла батарэя рэактыўных мінамётаў БМ-13, легендарных "кацюш". Сем установак пад камандаваннем капітана Івана Флёрава далі першы залп з 96 рэактыўных снарадаў па пад'язных пуцях чыгуначнага вузла Орша. Праз паўтары гадзіны другі ўдар "кацюшамі" быў нанесены па пераправе цераз раку Аршыца, дзе назіралася вялікая колькасць варожай тэхнікі. Прымяненне рэактыўных снарадаў было настолькі эфектыўным, што яшчэ цэлы тыдзень нямецкія войскі на Аршанскім напрамку не наступалі.
У перыяд акупацыі на тэрыторыі раёна было створана больш за 80 падпольна-дыверсійных груп, 52 з якіх - сямейныя. Іх байцамі станавіліся жанчыны, старыя, падлеткі і нават дзеці. Узрываліся харчовыя і зброевыя склады, палала мясцовая электрастанцыя. Гітлераўцы тут ні хвіліны не адчувалі сябе спакойна.
Партызанскі рух у Аршанскім краі ўзначаліў чыгуначнік, інжынер Канстанцін Заслонаў. Ён накіраваў пісьмо ў Наркамат пуцей зносін і папрасіў дазволу на стварэнне дыверсійнага атрада ў тыле ворага. Яго ідэю падтрымалі 30 чыгуначнікаў з Оршы, якія знаходзіліся ў эвакуацыі. Пасля двухтыднёвай падрыхтоўкі ў школе дыверсантаў быў сфарміраваны партызанскі атрад пад камандаваннем Канстанціна Сяргеевіча, які накіравалі назад у Оршу.
Са снежня 1941 года па люты 1942-га ў трохвугольніку Орша - Віцебск - Смаленск практычна кожны дзень здараліся надзвычайныя сітуацыі. Калі немцы сталі здагадвацца, што за ўсімі здарэннямі стаіць менавіта Заслонаў, ён пайшоў да партызанаў. Да лета 1942-га Заслонаў ужо ўзначальваў брыгаду з пяці атрадаў. За галаву камбрыга немцы абяцалі 50 тыс. рэйхсмарак. Нават пасля яго смерці фашысты не адмянялі гэту ўзнагароду на працягу года.
Віцебска-Аршанская наступальная аперацыя, якая прайшла 23-28 чэрвеня 1944 года, стала адным з першых этапаў беларускай стратэгічнай наступальнай аперацыі "Баграціён". Фронт каля Оршы, па правым беразе Дняпра, стаяў на працягу 9 месяцаў. Увесь гэты час байцы Чырвонай Арміі не маглі падысці да горада. Менавіта тут праходзіла найбольш умацаваная частка Усходняга вала - ахоўнай лініі гітлераўцаў, паўночная частка якой атрымала назву "Пантэра".
Пры вызваленні Оршы байцы Чырвонай Арміі праявілі бяспрыкладныя мужнасць і гераізм. За вызваленне аршанскай зямлі дзясяткі з іх атрымалі званне Героя Савецкага Саюза.
Орша стала сямнаццатай у спісе гарадоў і населеных пунктаў, у якія адправіліся аўтары праекта "Цытадэлі мужнасці".
Публікацыі праекта выходзяць у газеце "7 дней" і на сайце БЕЛТА раз у два тыдні. Усяго будзе 36 матэрыялаў - аб кожным з населеных пунктаў, узнагароджаных вымпелам "За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны".
*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.