4 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пешы марафон "Дружба і талерантнасць" і мітынг-рэквіем "Мы помнім", прысвечаны 70-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і памяці ахвяр нацызму, пройдзе ў Мінску 7 чэрвеня. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінгарвыканкама.
У марафоне прымуць удзел прадстаўнікі дабрачыннай арганізацыі The Together Plan (Лондан), пасольства Вялікабрытаніі ў Рэспубліцы Беларусь, шматдзетныя сем'і, прадстаўнікі яўрэйскіх абшчын Мінска, Полацка, Бабруйска, былыя малалетнія вязні мінскага гета.
Марафон стартуе 7 чэрвеня ў 9.00 каля мемарыяльнага комплексу "Яма" і завершыцца каля комплексу "Трасцянец". Як мяркуецца, у праходжанні ўсёй дыстанцыі - 42 км - будуць удзельнічаць чатыры грамадзяніны Вялікабрытаніі і шэсць беларусаў. На вул.Сяліцкага да іх далучацца каля 100-150 чалавек, якія ўскладуць кветкі да мемарыяльнага знака "Трасцянец".
Мэта марафону - папулярызацыя дружбы паміж дзвюма краінамі, прыцягненне ўвагі грамадскасці да трагедыі ахвяр нацызму, павышэнне ўзроўню талерантнасці.