20 мая, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. VI з'езд грамадскай арганізацыі "Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Расіі" (ФНКА) пройдзе 22 мая ў Маскве, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе пасольства Беларусі ў Расіі.
У рабоце з'езда прымуць удзел дэлегаты ад рэгіянальных і мясцовых нацыянальна-культурных аўтаномій беларусаў Расіі, а таксама госці, якія прадстаўляюць грамадскія арганізацыі беларусаў іншых форм самаарганізацыі: нацыянальна-культурныя цэнтры, таварыствы беларускай культуры, зямляцтвы і г.д.
Пленарнае пасяджэнне з'езда пройдзе ў Маскоўскім доме нацыянальнасцей, дзе будуць падведзены вынікі работы аўтаноміі і адбудуцца выбары яе кіруючых органаў. Потым дэлегаты правядуць у пасольстве Беларусі ў Расіі сустрэчу з кіраўніцтвам дыпмісіі, азнаёмяцца з асноўнымі напрамкамі дзейнасці дзелавога і культурнага комплексу пасольства.
Паводле апошняга перапісу насельніцтва, у Расіі пражывае 520 тыс. беларусаў. Гэта самая буйная беларуская дыяспара ў свеце.
Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Расіі заснавана 2 красавіка 1999 года, зарэгістравана Мінюстам Расіі 6 жніўня 1999 года. Асноўнымі задачамі арганізацыі з'яўляюцца: садзейнічанне захаванню і развіццю беларускай мовы, традыцый, нацыянальнай культуры беларускага народа; садзейнічанне рэалізацыі і абароне канстытуцыйных правоў і свабод, нацыянальнай годнасці, садзейнічанне барацьбе з нацыяналізмам ва ўсіх яго формах і праявах; садзейнічанне развіццю супрацоўніцтва і ўзаемаразумення з іншымі нацыянальнымі аб'яднаннямі, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Расіі і за мяжой; каардынацыя дзеянняў аб'яднанняў - членаў аўтаноміі, а пры неабходнасці - прадстаўніцтва і абарона іх законных інтарэсаў у органах дзяржаўнай улады.
З'езд ФНКА з'яўляецца вышэйшым органам арганізацыі, ён выбірае старшыню і савет аўтаноміі, якія арганізуюць яе работу ў перыяд да чарговага з'езда.