15 мая, Тэль-Авіў /Святлана Сухарко - БЕЛТА/. Спявачка ZENА, якая прадстаўляе ў бягучым годзе Беларусь на міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне-2019", выступіць у другой частцы фіналу песеннага форуму. Гэта вынік жараб'ёўкі першай дзясяткі фіналістаў конкурсу песні, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Жараб'ёўку правялі ў час прэс-канферэнцыі пераможцаў першага паўфіналу, які прайшоў 14 мая ў Expo Tel Aviv. У выніку пуцёўку ў фінал, акрамя Беларусі, атрымалі: Грэцыя, Сербія, Кіпр, Эстонія, Чэхія, Аўстралія, Ісландыя, Сан-Марына, Славенія.
За ўвесь час удзелу ў "Еўрабачанні" Беларусь шосты раз прайшла ў фінал. "Я вельмі рада, што ў 16 гадоў прадстаўляю сваю краіну ўжо ў фінале. Для мяне гэта вялікі гонар. І, вядома, цяпер я расслабленая і шчаслівая. Пры гэтым думаю, што ў фінале ўсё будзе добра", - сказала ZENА.
Другі паўфінал песеннага форуму адбудзецца 16 мая, фінал - 18-га.
Ізраіль праводзіць "Еўрабачанне" трэці раз. Раней ён прымаў конкурс песні ў 1979 і 1999 гадах. Слоган "Еўрабачання-2019" - Dare To Dream ("Не бойся марыць").