26 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Зборная Беларусі па хакеі займае 11-е месца ў абноўленым пасля завяршэння зімовых Алімпійскіх гульняў у Пхёнчхане рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі хакея (ІІХФ), паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У параўнанні з папярэднім спісам беларускія хакеісты страцілі адну пазіцыю. Нацыянальнай зборнай налічана 880 ачкоў. Яна стала лепшай сярод тых, хто пацярпеў няўдачу ў фінальнай алімпійскай кваліфікацыі перад Гульнямі-2018. Цяпер у актыве галоўнай хакейнай каманды краіны 3200 ачкоў за чатырохгадовы цыкл. Гэтай сумы не хапіла, каб захаваць 10-ы радок у сусветным рэйтынгу. Месца ў топ-10 беларусы ўступілі хакеістам Славакіі. На Алімпіядзе ў Пхёнчхане гэта каманда фінішавала 11-й, што прынесла 920 рэйтынгавых ачкоў. Цяпер у гэтай каманды іх 3220 і яна на 20 пунктаў наперадзе беларусаў.
У пачатку сусветнага хакейнага рэйтынгу засталася каманда Канады. Пацясніць яе з вяршыні маглі расіяне ў выпадку заваявання залатых узнагарод і непападання на п'едэстал роданачальнікаў хакея. У выніку расійскія атлеты перамаглі ў алімпійскім хакейным турніры, але і канадцы без медалёў не засталіся, узяўшы бронзу.
Становішча каманд у верхняй частцы сусветнага рэйтынгу ІІХФ цяпер такое:
1 (1). Канада - 4045 ачкоў,
2 (2). Расія - 4040,
3 (3). Швецыя - 3850,
4 (4). Фінляндыя - 3820,
5 (6). Чэхія - 3740,
6 (5). ЗША - 3725,
7 (8). Германія - 3610,
8 (7). Швейцарыя - 3405,
9 (9). Нарвегія - 3310,
10 (11). Славакія - 3220,
11 (10). Беларусь - 3200.
Зборная Славеніі, якой беларуская каманда ўступіла пуцёўку на Гульні ў Пхёнчхан, засталася на 15-м месцы ў гэтым спісе (3010). Найбольшага прагрэсу ў рэйтынгу пасля Алімпіяды дабілася каманда Рэспублікі Карэя. Нягледзячы на паражэнні ва ўсіх праведзеных матчах, зборная гэтай краіны ўзнялася з 21-й на 18-ю пазіцыю. Усяго ў рэйтынгу ІІХФ вызначаны месцы зборных 48 краін.
Сусветны рэйтынг ІІХФ заснаваны на прысваенні ачкоў за дасягненні каманд на апошніх чатырох чэмпіянатах свету і ў апошнім алімпійскім турніры. У мінулы раз сусветны рэйтынг абнаўляўся ў маі 2017 года пасля чэмпіянату свету ў мацнейшым дывізіёне.