20 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Удзельнікі, члены дэлегацый і арганізатары дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018" сталі гасцямі Палаца Незалежнасці ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Цяпер ва ўдзельнікаў напружаны рэпетыцыйны перыяд, таму, нават прыйшоўшы ў Палац Незалежнасці, дзеці не толькі з цікавасцю аглядалі інтэр'еры, але і працягвалі спяваць.
Выканаўчы дырэктар "Еўрабачання" Ён Ола Санд адзначыў вельмі высокі ўзровень арганізацыі конкурсу і гасціннасць беларускага боку. "Бачна, што была праведзена велізарная работа і ўкладзена шмат энергіі. Гэта фантастыка!" - падкрэсліў ён.
Актыўна дзяліліся ўражаннямі і самі ўдзельнікі конкурсу, фатаграфаваліся, размаўлялі, рабілі сэлфі. У час экскурсіі яны наведалі розныя залы Палаца Незалежнасці, ім падрабязна расказалі аб гісторыі гэтага знакавага для Беларусі будынка.
"Тут сапраўды цудоўная атмасфера. Немагчыма словамі апісаць. Для мяне гэта вялікі гонар", - адзначыла ўдзельніца конкурсу ад Украіны Дарына Краснавецкая.
Прадстаўнік ад Беларусі на дзіцячым "Еўрабачанні-2018" Даніэль Ястрэмскі расказаў, што паспеў ужо пазнаёміцца з удзельнікамі конкурсу з іншых краін і нават пасябраваць з імі. "Упершыню ў жыцці я ў Палацы Незалежнасці. Тут вельмі прыгожа", - прызнаўся выканаўца. Гэта важная падзея для ўсіх гасцей сённяшняга мерапрыемства, а таксама сведчанне падтрымкі з боку кіраўніка дзяржавы, дадаў ён.
Удзельнікі дзіцячага "Еўрабачання" дзяліліся ўражаннямі ад убачанага ў Беларусі і расказвалі пра песні, якія ім давядзецца выканаць у фінале конкурсу. Напрыклад, прадстаўніца ад Азербайджана Фідан Хусэйнава праспявае аб тым, што ў кожнага дзіцяці ёсць мара быць падобным на некага. "Я хачу быць падобнай на Лару Фабіян (франкамоўная спявачка і прадстаўніца Люксембурга на "Еўрабачанні-1988". - Заўвага БЕЛТА). І я спявала ўжо з ёй дуэтам два разы", - расказала дзяўчынка.
Галоўнай падзеяй для дзяцей стала сустрэча з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, які прыйшоў асабіста прывітаць юных канкурсантаў.
Расійская салістка Ганна Філіпчук засталася ў захапленні ад сустрэчы і ўбачанага ў Палацы Незалежнасці. "Прэзідэнт пажадаў нам удачы. Сказаў, што, вядома, будзе падтрымліваць усіх. Рада, што пабывала тут", - сказала яна.
Прадстаўніца Казахстана Данэлія Туляшова падарыла Прэзідэнту Беларусі сувенір - абярэг для дома. Яна верыць у сілу талісманаў і сама носіць каралі і бранзалеты, якія надаюць ёй упэўненасці ў сваіх сілах.
Аўстралійская ўдзельніца Джаэль Уэна акрамя перажыванняў аб маючым адбыцца конкурсе падзялілася і ўражаннямі пра беларускае надвор'е, якое моцна адрозніваецца ад гарачага клімату яе радзімы. "Мне падабаецца ў Беларусі. Тут ідзе снег, зусім іншае надвор'е - холадна. Мне падабаецца зіма", - сказала яна. Джаэль паспела паспрабаваць і традыцыйныя беларускія стравы, уключаючы дранікі.
Па правілах правядзення дзіцячага конкурсу максімальная колькасць краін-удзельніц - 18. Аднак у бягучым годзе ЕВС быў вымушаны змяніць правілы ў сувязі з вялікай колькасцю заявак. У выніку ў Мінску сабраліся прадстаўнікі 20 краін, што з'яўляецца рэкордам у гісторыі конкурсу. У дзіцячым конкурсе песні "Еўрабачанне-2018" удзельнічаюць маладыя таленты з Аўстраліі, Азербайджана, Албаніі, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Ізраіля, Ірландыі, Італіі, Казахстана, Македоніі, Мальты, Нідэрландаў, Польшчы, Партугаліі, Расіі, Сербіі, Украіны, Уэльса (Вялікабрытанія) і Францыі.
Беларусь удзельнічала ў конкурсе 15 разоў. Перамагала двойчы: у 2005 годзе (Ксенія Сітнік) і 2007-м (Аляксей Жыгалковіч).
Слоган конкурсу - "Запальвай!" (Light up!)‚ лагатып - ранішняя зорка, апетая беларускім класікам Максімам Багдановічам у вершы "Зорка Венера". Ідэя гэтых сімвалаў заключаецца ў тым, што ўсе ўдзельнікі з'яўляюцца маладымі яркімі зоркамі, а для некага гэта зорка стане пачаткам паспяховай творчай кар'еры.
Дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне" праводзіцца штогод Еўрапейскім вяшчальным саюзам (ЕВС) у адной з краін - удзельніц саюза. У якасці выканаўцаў выступаюць дзеці ва ўзросце ад 9 да 14 гадоў. Беларусь ужо прымала ў сябе конкурс у лістападзе 2010 года, і ЕВС зноў прапанаваў краіне стаць гаспадыняй дзіцячага "Еўрабачання" з улікам станоўчага вопыту ўдзелу беларускіх прадстаўнікоў у конкурсе, а таксама яго паспяховай арганізацыі ў Мінску мінулы раз.