4 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава творчых праектаў і эскізаў савецкага і беларускага архітэктара, скульптара, лаўрэата Ленінскай прэміі СССР і прэміі Ленінскага камсамола БССР Валянціна Занковіча, прымеркаваная да Дня Перамогі, прадстаўлена ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў аддзеле бібліятэчнага маркетынгу бібліятэкі.
Асноўнай тэмай работ Валянціна Занковіча стала Вялікая Айчынная вайна. Калі пачалася вайна, Валянцін Паўлавіч быў яшчэ дзіцем і яму не раз даводзілася сустракацца твар у твар з нягодамі таго часу. Гэта сфарміравала не толькі характар, але і творчую натуру скульптара.
Ствараючы помнікі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, Валянцін Занковіч акцэнтаваў увагу сучаснікаў не толькі на подзвігу беларусаў, але і на мірнай Радзіме, скіраванай у будучыню. Сярод найбольш вядомых работ скульптара - "Брэсцкая крэпасць-герой" і мемарыяльны комплекс "Хатынь" (у складзе калектыву архітэктараў).
Акрамя таго, Валянцін Паўлавіч з'яўляецца аўтарам знакавых для Беларусі скульптурных кампазіцый: "Бег" (Мінск, стадыён "Дынама"), "Зіма" (Мінск, праспект Пераможцаў), "Радзіма-маці" (кампазіцыя "Мінск - горад-герой", Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны), "Арфей" (Мінск, вуліца Грыбаедава), "Беларусь партызанская" (Мінск, праспект Партызанскі) і інш.
Як і ў многіх скульптараў і архітэктараў, не ўсе творчыя праекты Валянціна Занковіча былі рэалізаваны, але яны засталіся ў мадэлях, макетах і эскізах. На выставе можна ўбачыць мадэлі як ужо ўвасобленых работ скульптара, так і праектаў, якія на сёння яшчэ не рэалізаваны. Выстава дазваляе прасачыць шлях ад першапачатковай задумы мастака да канчатковага выніку.
Арганізатары ўпэўнены, што выстава стане цікавай падзеяй і падорыць наведвальнікам незабыўныя эмоцыі і ўражанні ад знаёмства з праектамі і міні-копіямі скульптур.
Выстава будзе экспанавацца да 19 мая па адрасе: вуліца Савецкая, 11 (правае крыло Дома ўрада).
Валянцін Паўлавіч Занковіч нарадзіўся ў 1937 годзе ў Мінску. У 1959 годзе скончыў Беларускі політэхнічны інстытут па спецыяльнасці "архітэктар" і ў 1975 годзе Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці "скульптар". З 1960 па 1970 год працаваў у дзяржаўным праектным інстытуце архітэктарам.