10 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урачыстае адкрыццё выстаўкі рэпрадукцый карцін знакамітага беларускага мастака Івана Хруцкага адбылося ў будынку муніцыпалітэта штата Гаяс у бразільскім горадзе Гаянія. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў пасольстве Беларусі ў Бразіліі.
Экспазіцыя арганізавана пасольствам Беларусі ў Бразіліі пры падтрымцы ўрада штата Гаяс. Увазе бразільскай грамадскасці прадстаўлены 15 лепшых работ беларускага мастака-партрэтыста, майстра нацюрморта і пейзажа. Выстава суправаджаецца паказам беларускіх нацыянальных касцюмаў.
Правядзенне выставы ў Гаяніі стала лагічным працягам супрацоўніцтва, што развіваецца паміж штатам Гаяс і Мінскай вобласцю, у рамках якога з 29 па 30 чэрвеня 2015 года дэлегацыя дзелавых колаў гэтага бразільскага штата на чале з віцэ-губернатарам Жазэ Элітан дэ Фігейрэду Жуніярам наведала Мінскую вобласць, дзе азнаёмілася з патэнцыялам шэрага прамысловых прадпрыемстваў рэгіёна.
Урачыстае адкрыццё выставы, якая будзе экспанавацца да 30 ліпеня, наведалі прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, палітычныя і культурныя дзеячы, прадстаўнікі бізнес-супольнасці і СМІ.