1 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава беларускіх абразоў адкрылася ў Нацыянальным музеі Ліхтэнштэйна, паведамілі БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Швейцарыі.
Як піша швейцарскае анлайн-выданне "Наша газета", падрыхтоўка да выставы пачалася яшчэ ў ліпені 2018 года. Некалькі месяцаў перагавораў, двухбаковыя пагадненні, візы, лагістыка, мытнае афармленне, складанасці з мантажом і іншая работа засталіся за кадрам. Госці вернісажу ўбачылі толькі рэзультат: зала з трыма дзясяткамі ўнікальных абразоў, напісаных беларускімі майстрамі.
Абразы, прадстаўленыя на выставе, з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Многія апынуліся ў ёй пасля Другой сусветнай вайны, калі музей пачаў праводзіць экспедыцыі па беларускіх гарадах і знаходзіць святыя выявы ў закрытых храмах і касцёлах.
Сярод абразоў, якія часова размясцілі ў Нацыянальным музеі Ліхтэнштэйна, абраз Божай Маці "Адзігітрыя". Ён быў напісаны ў сярэдзіне XVII стагоддзя і знойдзены ў час навуковай экспедыцыі ў 1970 годзе ў адной з цэркваў мястэчка Галынка Мінскай вобласці. Абраз напісаны ў змешанай тэхніцы (тэмпера і алейны жывапіс). У якасці пігментаў выкарыстоўваліся паўкаштоўныя камяні малахіт і лазурыт, таму фарбы атрымаліся сакавітыя і свецяцца знутры. Выява Божай Маці была схавана пад шасцю слаямі фарбы.