13 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстаўку беларускіх праваслаўных абразоў плануецца правесці ў Нацыянальным мастацкім музеі Румыніі. Такая магчымасць абмяркоўвалася 12 лютага ў Бухарэсце паслом Беларусі ў Румыніі Андрэем Грынкевічам і міністрам культуры і нацыянальнай ідэнтычнасці Румыніі Валерам Даніелем Брэазем, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.
Бакі абмеркавалі сумесныя мерапрыемствы на бліжэйшую і сярэднетэрміновую перспектыву. "У прыватнасці, разгледжана пытанне арганізацыі выставак карцін румынскага мастака Карнеліу Бабы ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі і беларускіх праваслаўных абразоў у Нацыянальным мастацкім музеі Румыніі", - праінфармавалі ў прэс-службе знешнепалітычнага ведамства.
У Бухарэсце 12 лютага была падпісана праграма аб супрацоўніцтве ў сферы культуры паміж профільнымі міністэрствамі дзвюх краін. Як растлумачылі ў прэс-службе МЗС, дакумент прадугледжвае стварэнне спрыяльных умоў для ўзаемадзеяння, абмену музейнымі выстаўкамі, устанаўлення прамых кантактаў у галіне кінематаграфіі, музычнага і тэатральнага мастацтва, паміж бібліятэкамі Беларусі і Румыніі. Андрэй Грынкевіч у час цырымоніі падпісання правёў прэзентацыю беларускага культурнага і адукацыйнага патэнцыялу.