20 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстаўка твораў сучасных беларускіх мастакоў з фондаў Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў адкрылася 20 кастрычніка ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе ведамства.
Экспазіцыю адкрыў намеснік міністра замежных спраў Андрэй Дапкюнас. Ён адзначыў высокую ролю культурнай дыпламатыі на шляху ўмацавання міжнародных адносін і падкрэсліў неабходнасць далейшага развіцця міжкультурнага дыялогу.
На выстаўцы прадстаўлены аўтары ўсіх напрамкаў беларускага сучаснага мастацтва ў галіне жывапісу і скульптуры. Гэта вядомыя як у краіне, так і за яе межамі Леанід Шчамялёў, Уладзімір Тоўсцік, Уладзімір Слабодчыкаў, Рыгор Сітніца, Уладзімір Зінкевіч, Уладзімір Панцялееў, Рыгор Іваноў, Валерый Шкаруба і іншыя мастакі.
У цырымоніі адкрыцця выстаўкі таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў Беларусі, кіраўніцтва Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў і Беларускага саюза мастакоў, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, супрацоўнікі Міністэрства замежных спраў.