1 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародная спецыялізаваная выстаўка "СМI ў Беларусі" ў гэтым годзе разгорнецца ў выставачным комплексе на праспекце Пераможцаў, 14. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні друкаваных СМІ і знешніх сувязей Міністэрства інфармацыі.
"Выстаўка "СМІ ў Беларусі" - гэта прафесійная ўнікальная пляцоўка на постсавецкай прасторы. Юбілейная, ХХ выстаўка пройдзе з 11 па 14 мая, ужо фарміруецца пакет яе мерапрыемстваў. У ходзе выстаўкі плануецца правядзенне круглых сталоў, семінараў і майстар-класаў з удзелам вядучых журналістаў і медыяспецыялістаў. Пройдуць прэзентацыйныя мерапрыемствы.
Прафесійная выстаўка "СМІ ў Беларусі" за гады сваёй работы стала не толькі неад'емнай часткай жыцця медыясупольнасці Беларусі, але і набыла статус форуму электронных і друкаваных СМІ міжнароднага ўзроўню. Традыцыйна ў выстаўцы акрамя беларускіх СМІ прымаюць удзел сродкі масавай інфармацыі Расійскай Федэрацыі, Саюзнай дзяржавы, краін СНД, Кітая, Венесуэлы, Кубы, іншых краін.
Да ўдзелу ў выстаўцы запрашаюцца друкаваныя і аўдыявізуальныя СМІ, інфармацыйныя агенцтвы, аб'яднаныя медыяструктуры, інтэрнэт-правайдары, распаўсюджвальнікі друкаванай прадукцыі і рэкламныя арганізацыі, выдавецтвы і друкарні.
Па традыцыі, узнагароды Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі "Залатая Літара" будуць уручаны ў дні работы выстаўкі. Да 15 красавіка ў Міністэрстве інфармацыі прымаюцца заяўкі на XІI Нацыянальны конкурс друкаваных сродкаў масавай інфармацыі "Залатая Літара". Свае лепшыя матэрыялы, якія выйшлі ў 2015 годзе, могуць накіраваць друкаваныя СМІ, зарэгістраваныя ў Беларусі, а таксама асобныя журналісты і творчыя работнікі друкаваных СМІ пасля прадстаўлення юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі. Пры гэтым пераможцы ў адной з намінацый творчага спаборніцтва ў 2015 годзе не могуць удзельнічаць у гэтай жа намінацыі ў конкурсе 2016-га.
ХХ Міжнародныя спецыялізаваная выстаўка "СМІ ў Беларусі" стане пляцоўкай для абмеркавання стану і развіцця беларускага інфармацыйнага поля і планавання на будучае.
Арганізатары выстаўкі - Міністэрства інфармацыі, НВЦ "БелЭкспа" пры падтрымцы Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, ГА "Беларускі саюз журналістаў", Саюза выдаўцоў і распаўсюджвальнікаў друку, РУП "Дом прэсы".