3 красавіка, Гомель /Юлія Лысенка - БЕЛТА/. Міжнародная перасовачная выстаўка Японскага фонду "Гарады на мяжы выжывання: японскія ўрбаністычныя праекты 1960-х гг." адкрываецца ў Гомельскім палацы Румянцавых-Паскевічаў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла дырэктар палацавага музея Аксана Таропава.
У адкрыцці прымуць удзел прадстаўнікі пасольства Японіі ў Беларусі на чале з паслом Сігэхіра Міморы.
Выстаўка японскага архітэктара і дызайнера Наахіка Хіна прысвечана тэме горада: урбанізацыі, гарадскому планаванню і пошуку рацыянальных рашэнняў для гарадскога будаўніцтва. У цэнтры экспазіцыі - эксперыментальныя архітэктурныя праекты, якія з'явіліся ў Японіі ў 1960-х гадах у час росквіту ідэй урбанізму на фоне растучага крызісу гарадоў.
Гомель стаў дваццаць чацвёртым горадам свету, дзе экспануецца гэта выстаўка. Упершыню яе прэзентацыя адбылася ў 2010 годзе ў Шанхаі (Кітай). За пяць гадоў работы яна пабывала ў ЗША, Канадзе, Францыі, Славакіі, Славеніі, Грэцыі, Італіі, Македоніі, Харватыі. Далей выстаўка адправіцца ў краіны Афрыкі.
"Кожны наведвальнік экспазіцыі стане яе непасрэдным удзельнікам і стваральнікам дзякуючы інтэрактыўнай карце Гомеля, на якой можна абазначыць свой дом, любімае месца ў горадзе, а таксама месца, якое хочацца змяніць", - сказала Аксана Таропава.
Выстаўка будзе працаваць да 10 мая.