31 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мастацка-дакументальная выстаўка "40/40" да 40-годдзя Літаратурнага музея Максіма Багдановіча адкрыецца 1 красавіка, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.
У экспазіцыі будзе прадстаўлена 40 прадметаў, кожны з якіх у розныя гады быў прызнаны знакавым сярод іншых экспанатаў музея.
"Музей пачынаўся не з калекцыі, не з канкрэтнага ўнікальнага экспаната, а з ідэі аб неабходнасці ўвекавечання памяці знакамітага сына Беларусі, мемарыялізацыі яго спадчыны. З самага пачатку ён дзейнічаў як сістэма, што знаходзіцца ў цеснай сувязі з разнастайнымі літаратуразнаўчымі, навуковымі, музейнымі ўстановамі", - адзначылі арганізатары.
За 40 гадоў існавання музей папоўніў свой фонд да 21 тыс. адзінак. Сабраныя ў музеі экспанаты даюць магчымасць расказваць аб станаўленні і развіцці беларускай літаратуры канца ХІХ - пачатку ХХ стагоддзяў, месцы і ролі ў гэтым працэсе Максіма Багдановіча, адлюстроўваць складаны і шматгранны працэс уплыву класічнай літаратурнай спадчыны на духоўнае жыццё грамадства.