16 кастрычніка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Віртуальная чытальная зала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з'явілася ў расійскай сталіцы. Яе адкрыццё адбылося сёння на пляцоўцы Дзелавога і культурнага комплексу пасольства Беларусі ў Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На ўрачыстай цырымоніі дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі адзначыў, што гэта віртуальная чытальная зала створана спецыяльна для беларускай дыяспары ў Расіі: у ёй можна атрымаць інфармацыю, да якой няма доступу з іншых месц. Дзякуючы віртуальнай зале ў карыстальнікаў ёсць магчымасць знайсці практычна любую інфармацыю пра Беларусь, што датычыцца культуры, эканомікі, бізнесу, навукі, турызму, гісторыі і шмат чаго іншага. Акрамя таго, тут можна прачытаць поўныя тэксты гістарычных дакументаў, якія ёсць толькі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і доступ да якіх ёсць толькі ў яе сетцы.
"У далейшым рэсурс будзе папаўняцца і развівацца, - паведаміў Раман Матульскі. - Ён можа быць карысны самаму шырокаму колу чытачоў".
Пункт доступу да віртуальнай чытальнай залы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі размясціўся ў адкрытай сёння зале беларускай дыяспары Дзелавога і культурнага комплексу пасольства Беларусі ў Расіі. "Упэўнены, што з'яўленне віртуальнай чытальнай залы Нацыянальнай бібліятэкі надасць новы імпульс дзейнасці беларускай дыяспары ў Расіі", - адзначыў часовы павераны ў справах Беларусі ў Расіі Юрый Ярашэвіч.