21 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Віктар Лукашэнка сустрэўся з беларускімі спартсменамі на зімовых юнацкіх Алімпійскіх гульнях у Лазане, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе НАК Беларусі.
Беларуская дэлегацыя на чале з першым віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Віктарам Лукашэнкам сустрэлася ў вёсцы атлетаў з беларускімі спартсменамі, якія прымаюць удзел у III зімовых юнацкіх Алімпійскіх гульнях.
На гэты момант у комплексе Vortex размяшчаецца каманда лыжнікаў, якая рыхтуецца да стартаў у гонках класічным стылем.
Юныя атлеты і валанцёры беларускай каманды расказалі кіраўніцтву НАК краіны аб умовах пражывання, харчаванні і медыцынскім абслугоўванні ў сучасным будынку, які быў пабудаваны перад пачаткам Гульняў.
Беларуская дэлегацыя азнаёмілася таксама з некаторымі спартыўнымі аб'ектамі III зімовых юнацкіх Алімпійскіх гульняў.
На лядовай арэне Лазаны (Lausanne Skating Arena) былі разыграны медалі ў шорт-трэку. Разам з беларускай дэлегацыяй за спаборніцтвамі назіраў і двухразовы алімпійскі чэмпіён па лёгкай атлетыцы, член МАК Валерый Барзоў.
У Vaudoise Аrena беларуская дэлегацыя ўбачыла пераканаўчую перамогу зборнай Расіі па хакеі над Даніяй (лік 9:0, на карысць расіян).
У час наведвання аб'ектаў юнацкіх Алімпійскіх гульняў Віктар Лукашэнка адзначыў развітую спартыўную інфраструктуру горада, станоўчыя эмоцыі балельшчыкаў і ўдзельнікаў на арэнах Гульняў. На яго думку, арганізатарам удалося стварыць утульную спартыўную і святочную атмасферу для мацнейшых юных атлетаў з усяго свету.