29 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вясельны сярэбраны кубак, які мае непасрэднае дачыненне да аднаго з самых вядомых родаў Беларусі - роду Агінскіх, папоўніў фонды Нацыянальнага гістырычнага музея. Прэзентацыя ўнікальнага прадмета адбылася 29 снежня ў музеі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сярэбраны кубак - цікавы ўзор сувенірнай прадукцыі, створанай у другой палавіне 19 стагоддзя. Ён выкананы на высокім прафесійным і мастацкім узроўні ў Германіі ў 1870-х гадах з серабра 13 лотавай пробы, што адпавядае сучаснай пробе 812,5. На ім выгравіраваны выявы гербаў "Брама" (належаў роду Агінскіх) і "Гржымала" (належаў роду Патуліцкіх). Надпіс на польскай мове сведчыць аб важнай падзеі ў гісторыі Агінскіх і Патуліцкіх - кубак падораны Багдану Іерамеевічу Агінскаму, унуку Міхала Клеафаса Агінскага, у гонар яго шлюбу з графіняй Габрыэлай Марыяй Патуліцкай.
Міністр культуры Барыс Святлоў падзякаваў генеральнаму партнёру Нацыянальнага гістарычнага музея - кампаніі JTI (Japan Tobacco International) у Беларусі - за традыцыйную фінансавую падтрымку сферы культуры. Кіраўнік ведамства нагадаў, што 2016 год аб'яўлены ў Беларусі Годам культуры, і выказаў упэўненасць, што ён будзе напоўнены самымі разнапланавымі, цікавымі мерапрыемствамі і падзеямі.
У сваю чаргу дырэктар ЗТАА "Джапан Табака Інтэрнэшнл ЭсЭндДзі" Генадзь Бруснікаў адзначыў, што набыццё экспаната - яшчэ адзін крок па захаванні і прымнажэнні гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, На яго думку, сярэбраны кубак стане дастойным папаўненнем музейнай калекцыі.
У 2013 годзе Генеральная канферэнцыя ЮНЕСКА прыняла рашэнне ўнесці ў Каляндар памятных дат на 2014-2015 гады 250-годдзе з дня нараджэння кампазітара, літаратара Міхала Клеафаса Агінскага. У сувязі з гэтым музей арганізаваў шэраг выставак, прыняў удзел у стварэнні экспазіцыі ў маёнтку Агінскага ў Залессі. Прэзентацыя кубка завяршае шэраг мерапрыемстваў, якія праходзілі ў гонар 250-годдзя выдатнага суайчынніка.
Супрацоўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея і кампаніі JTI прадаўжаецца з 2015 года. На працягу гэтага часу пры падтрымцы JTI паспяхова рэалізавана больш як 40 значных праектаў, у тым ліку цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных 200-годдзю Іосіфа Гашкевіча, выстаўкі "Беларусь і яе суседзі", "Вайна 1812 года ў гісторыі Мінска" і многія іншыя. Супрацоўніцтва ажыццяўляецца па такіх напрамках, як выставачная, інфармацыйна-выдавецкая, рэстаўрацыйная, культурна-адукацыйная, дабрачынная дзейнасць, набыццё музейных экспанатаў, умацаванне матэрыяльнай базы музея.