11 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вялікі тэатр Беларусі рыхтуецца прадставіць прэм'еру оперы П.Чайкоўскага "Яўген Анегін" 30 лістапада. Гэта будзе восьмае прачытанне геніяльнага твора на беларускай сцэне, паведамілі БЕЛТА ў Вялікім.
Расказаць гледачам пушкінскую гісторыю, непадуладную часу, плануе каманда пастаноўшчыкаў: галоўны дырыжор народны артыст Башкортастана Арцём Макараў, галоўны рэжысёр уладальнік медаля Францыска Скарыны Ганна Маторная, галоўны хормайстар народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч, галоўны балетмайстар заслужаны артыст Расіі Ігар Колб, галоўны мастак Любоў Сідзельнікава (сцэнаграфія, касцюмы), мастак Таццяна Лісавенка (касцюмы) і інш.
Галоўныя партыі выканаюць як вядучыя салісты тэатра, так і маладыя артысты.
Як адзначыла Ганна Маторная, яна да гэтай оперы ішла больш за чвэрць стагоддзя. "Гэта геніяльны твор, - пераканана галоўны рэжысёр Вялікага тэатра Беларусі. - Чым далей па жыцці я іду з гэтым сачыненнем, тым больш акунаюся ў неверагодныя глыбіні - эмацыянальныя, духоўныя, псіхалагічныя, інтанацыйныя, маральныя. З аднаго боку, гэта "энцыклапедыя рускага жыцця", з другога - гісторыя пра чалавека па-за часам… Чайкоўскі стварыў дзіўны твор, на які адгукаецца кожная часцінка душы сучаснага чалавека".
Новая сцэнічная версія оперы рыхтуецца ў год 225-годдзя з дня нараджэння А.С.Пушкіна. З моманту першага паказу оперы ў 1879-м мінула 145 гадоў.
Гэта пастаноўка стане восьмым увасабленнем оперы Чайкоўскага на сцэне Вялікага тэатра Беларусі. Да гэтага твора ў тэатры звярталіся пачынаючы з 1933 года. Апошні паказ пастаноўкі оперы 2012 года "Яўген Анегін" прайшоў у красавіку 2024 года.
Прэм'ера новага прачытання геніяльнага твора адбудзецца 30 лістапада. Другі паказ пройдзе ў рамках Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму - 12 снежня.