25 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "Танцавальны салон у Лошыцкай сядзібе. Асенняя мілонга" з удзелам салістаў ансамбля "Класік-Авангард" Беларускай дзяржаўнай філармоніі прадставяць у Лошыцкай сядзібе - філіяле Музея гісторыі горада Мінска 28 верасня, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.
Мерапрыемства адкрые музычная праграма "Па старонках папулярнай класікі". У выкананні салістаў ансамбля "Класік-Авангард" прагучаць знакамітыя танга "Por una cabeza" Гардэля і "Танга для Клода" Гальяна, венгерскія танцы нумар 1 і нумар 5 Брамса, беларуская полька "Янка" і іншыя творы.
На майстар-класе "Танцавальнае рандэву" можна будзе развучыць асноўныя крокі і фігуры салонных і наватарскіх танцаў. Незвычайныя артэфакты з Новага Свету прадставяць на выставе "Падарожжа па Венесуэле". Акрамя таго, на працягу вечара гасцей "Танцавальнага салона ў Лошыцкай сядзібе" чакаюць сустрэчы з вядомымі людзьмі, квесты і розыгрышы прызоў. Мерапрыемства пачнецца ў 17.00.
Праект "Танцавальны салон у Лошыцкай сядзібе" накіраваны на вывучэнне гісторыка-бытавых і бальных танцаў, папулярызацыю бальнай і танцавальнай культуры.