14 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. IV Форум маладых журналістаў "Агульны погляд у будучыню. Журналістыка: выбар маладых" пройдзе ў Мінску 22-23 верасня. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве інфармацыі Беларусі.
Форум, які праходзіць у Год моладзі, накіраваны на павышэнне кваліфікацыі, развіццё ўнутрыпрафесійнай камунікацыі маладых журналістаў, фарміраванне адзінай медыясупольнасці Беларусі. Мэтавая аўдыторыя форуму - журналісты рэдакцый газет, радыё і тэлебачання ва ўзросце да 30 гадоў. Усяго ўдзельнікамі мерапрыемства стануць каля 150 прадстаўнікоў СМІ Беларусі, у тым ліку больш як 120 з іх прыбудуць з рэгіёнаў.
Праграму форуму 22 верасня адкрые фотавыстаўка БЕЛТА "Суверэнная Беларусь: эпоха дасягненняў", а таксама прэзентацыя конкурсных работ (сацыяльных ролікаў і творчых эсэ), падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу "Жыві і квітней, Беларусь". У першы дзень работы форуму для яго ўдзельнікаў адбудуцца трэнінгі на розных пляцоўках, у тым ліку ў рэдакцыі газеты "Советская Белоруссия", інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА, Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі, ваеннага інфармацыйнага агенцтва "Ваяр", ААТ "Мінскія інфармацыйныя тэлевізійныя сеткі".
Дзень 23 верасня пачнецца з прыемнай падзеі: на адкрыцці пленарнага пасяджэння запланавана ўручэнне прэміі "Дэбют", заснавальнік якой - Беларускі саюз журналістаў. Свае ўзнагароды атрымаюць пераможцы ў намінацыях "Лепшы рэпарцёр", "Лепшы аглядальнік", "Лепшы вядучы радыёпраграм", "Лепшы вядучы тэлепраграм", "Лепшы фотакарэспандэнт".
Работа форуму пройдзе па дзвюх тэматычных сесіях: "Палітычная журналістыка сёння: аб'ектыўнасць і прапаганда" і "Як гаварыць аб эканоміцы даходліва і цікава". Заключным мерапрыемствам стане панэльная дыскусія "Журналістыка вачамі маладых", якая пройдзе ў форме адкрытых дэбатаў. Арганізатары чакаюць цікавую дыскусію па актуальных пытаннях і адказы на пытанні экспертаў.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства інфармацыі, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія, рэдакцыя газеты "Советская Белоруссия", ГА "Беларускі саюз журналістаў", ГА "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі", Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.