20 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Унікальны рукапіс перакладу Евангелля на беларускую мову Міхася Міцкевіча, малодшага брата Якуба Коласа, прадставяць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 21 лютага, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове.
Толькі адзін дзень у Музеі кнігі Нацбібліятэкі будзе экспанавацца рукапіс перакладу Евангелля ў чатырох сшытках, што захоўваецца ва ўнучкі Якуба Коласа Марыі Міцкевіч. З яе згоды пераведзеная ў лічбавы фармат версія рукапісу ўжо даступна чытачам бібліятэкі.
фУ час урачыстага мерапрыемства Марыя Міцкевіч зачытае ўрыўкі з твора знакамітага сваяка і перадасць у фонд бібліятэкі некаторыя яго рарытэтныя выданні.
Наведвальнікі выстаўкі змогуць азнаёміцца са спадчынай Міхася Міцкевіча, які здолеў зрабіць многае для захавання і адраджэння роднай мовы.
Міхась Міцкевіч, вядомы пад псеўданімам Антось Галіна, - дзеяч беларускай культуры, пісьменнік, настаўнік, публіцыст, перакладчык. Нарадзіўся ў сям'і Міхаіла і Ганны Міцкевічаў у вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага павета. Як і яго брат Якуб Колас, навучаўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, працаваў у галіне народнай асветы, займаўся развіццём беларускіх школ. Ён аўтар публіцыстычных і мастацкіх твораў, прысвечаных самавызначэнню беларусаў і моўнаму пытанню, а таксама складальнік амаль дзясятка буквароў і кніг для дзяцей аб скаўцкім руху.
Жыццё Міхася Міцкевіча было звязана з Расійскай імперыяй, Польшчай, Германіяй, ЗША, але душой ён заўсёды заставаўся з Беларуссю. У 1960-я гады, жывучы ў Амерыцы, пераклаў Евангелле з царкоўнаславянскай на беларускую мову. Выдадзены былі толькі два першыя Евангеллі - ад Матфея і ад Марка. Поўнасцю пераклад не публікаваўся.