10 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадпрыемства "Унітэхпрам БДУ" стала адзінай пляцоўкай у свеце па вытворчасці арыгінальнага проціпухліннага прэпарата "Тэмадэкс". Рэгістрацыйнае пасведчанне на выпуск лекавага сродку выдадзена Міністэрствам аховы здароўя Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ўніверсітэта.
Ідэя, распрацоўка, тэхналогія вытворчасці, пацвярджэнне бяспекі і эфектыўнасці прэпарата прыналежаць вучоным НДІ фізіка-хімічных праблем БДУ. Клінічныя выпрабаванні і даследаванні праведзены таксама супрацоўнікамі ўніверсітэта пры ўдзеле ўрачоў сталічнай ГКБ хуткай медыцынскай дапамогі, РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава і БДМУ. "Такім чынам, БДУ стаў першай айчыннай ВНУ, дзе захаваны поўны цыкл асваення супрацьракавага сродку: ад ідэі да яго вытворчасці. Пры гэтым прадпрыемства выпускае субстанцыю і дапаможныя рэчывы для атрымання гатовага лякарства, адраснай дастаўкі да органаў-мішэней і пралангацыі дзеяння", - адзначылі ў ВНУ.
"Тэмадэкс" прымыняецца ў комплекснай хірургіі для лячэння раку галаўнога мозгу рознай складанасці. Ён уяўляе сабой парашок для прыгатавання біярассысальнага гідрагелю. "Тэмадэкс" наносіцца і пакідаецца на ложы выдаленай пухліны і ўсіх кантактуючых з ёю тканках. Гель паступова рассысаецца, вызваляючы малекулы хіміяпрэпарата і падтрымліваючы патрэбную яго канцэнтрацыю для знішчэння астатніх пасля аперацыі клетак і прадухілення рэцыдываў.
"Беларускі прэпарат не мае сусветных аналагаў. Вядомы амерыканскі "Гліядзел" падобны па месцы прымянення, але адрозніваецца па саставе і вырабляецца ў выглядзе сурвэтак. Перавагай айчыннага сродку з'яўляецца таксама нізкі кошт. Для грамадзян Беларусі лячэнне "Тэмадэксам" ажыццяўляецца бясплатна", - падкрэслілі ва ўніверсітэце.
"Тэмадэкс" уключаны ў клінічны пратакол Беларусі па дыягностыцы і лячэнні злаякасных новаўтварэнняў. Актыўна вядзецца работа па яго рэгістрацыі за мяжой. Прэпарат запатэнтаваны ў еўразійскім рэгіёне і Расіі, пададзена заяўка на атрыманне міжнароднага патэнта PCT, які гарантуе замацаванне аўтарства на вынаходства ў 56 краінах свету, таксама "Тэмадэксу" прысвоены ў Еўропе статус арфаннасці (статус для фармацэўтычнага сродку, што распрацаваны для лячэння рэдкіх захворванняў).
Плануецца, што ў профільныя медыцынскія ўстановы Беларусі "Тэмадэкс" паступіць у канцы першага квартала бягучага года.