8 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На базе РНПЦ дзіцячай хірургіі ўпершыню ў Беларусі выканана таракаскапічнае рассячэнне аартальнага кальца ў пацыента з прыроджаным парокам развіцця - двайной дугой аорты, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Міністэрства аховы здароўя.
Двухгадовае дзіця паступіла з сімптомамі кампрэсіі трахеі і стрававода. Звычайным спосабам хірургічнай карэкцыі парока было б рассячэнне недамінантнай дугі аорты з выкарыстаннем таракатомнага доступу. Яго прымяненне павялічвае працягласць шпіталізацыі і прыводзіць да неабарачальнай дэфармацыі грудной клеткі.
З дапамогай 3D-мадэлявання было вырашана выканаць міні-інвазіўную таракаскапічную карэкцыю парока. Быў разлічаны аптымальны шлях правядзення эндаскапічнага сшывальнага апарата праз сантыметровы разрэз, які выключае пашкоджанне суседніх жыццёва важных структур.
Аперацыя прайшла паспяхова. Малыш наведвае дзіцячы сад, прыкметы кампрэсіі трахеі і стрававода адсутнічаюць.
У Міністэрстве аховы здароўя дадалі, што плануецца больш шырока ўкараняць міні-інвазіўныя тэхналогіі ў дзяцей.