23 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Уладзімір Самсонаў узначаліць мужчынскую зборную Беларусі на камандным чэмпіянаце свету па настольным тэнісе, які стартуе 28 лютага ў Куала-Лумпур, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У малайзійскай сталіцы акрамя Уладзіміра Самсонава, які цяпер займае 8-е месца ў сусветным рэйтынгу, у заяўку беларускай каманды таксама ўключаны Павел Платонаў (143), Аляксандр Ханін (308), Кірыл Барабанаў (375) і Глеб Шамрук (412).
На першым этапе спаборніцтваў элітнага дывізіёна зборная Беларусі выступіць у папярэдняй групе С, дзе яе сапернікамі будуць каманды Японіі, Партугаліі, Украіны, Сінгапура і Польшчы.
Склады астатніх груп:
А - Кітай, Аўстрыя, Кітайскі Тайбэй, Грэцыя, Чэхія, КНДР.
В - Германія, Швецыя, Англія, Данія, Францыя, Малайзія.
D - Рэспубліка Карэя, Ганконг, Расія, Харватыя, Італія, Румынія.
Жаночая зборная Беларусі ў складзе Вікторыі Паўловіч (72), Аляксандры Прывалавай (161), Аліны Арлоўскай (208), Дар'і Трыгалас (263) і Марыі Кучук (286) таксама згуляе ў элітным дывізіёне сусветнага першынства. У папярэдняй групе С саперніцамі беларусак будуць каманды Нідэрландаў, Сінгапура, Польшчы, Украіны і Францыі.
Астатнія папярэднія групы жаночага турніру:
А - Кітай, Румынія, Венгрыя, Кітайскі Тайбэй, Іспанія, Малайзія.
В - Японія, Германія, КНДР, Чэхія, Бразілія, Тайланд.
D - Ганконг, Рэспубліка Карэя, Аўстрыя, Швецыя, ЗША, Расія.
Пасля першага этапу спаборніцтваў і ў мужчын, і ў жанчын па 3 лепшыя каманды з кожнай групы прадоўжаць барацьбу за ўзнагароды чэмпіянату планеты, пераможцы і прызёры вызначацца 6 сакавіка.
На папярэднім сусветным форуме ў 2014 годзе ў Японіі і ў жанчын, і ў мужчын не было роўных кітайскім майстрам малой ракеткі.