31 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гастролі пераможцаў Міжнароднага фестывалю цыркавога мастацтва ў Манака пройдуць у Белдзяржцырку з 15 лютага па 1 мая 2013 года, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе цырка.
Беларускія гледачы ўбачаць выступленне ўкраінскай сілавой пары Мікалая Шчарбака і Сяргея Папова, якія ў 2013 годзе сталі ўладальнікамі галоўнай узнагароды фестывалю - "Залатога клоўна", што раўнацэнна атрыманню прэміі "Оскар" у кінематографе.
Сваё майстэрства ў Мінску прадэманструе і ўладальнік "Сярэбранага клоўна" 2012 года самы малады дрэсіроўшчык драпежнікаў на постсавецкай прасторы Уладзіслаў Ганчароў. Ён, дарэчы, прыехаў ужо ў беларускую сталіцу са сваімі падапечнымі - ільвамі. Чакаецца выступленне таксама іншых пераможцаў і лаўрэатаў конкурсаў цыркавага мастацтва розных гадоў.
Міжнародны цыркавы фестываль у Манака лічыцца вельмі прэстыжным форумам артыстаў цырка. Ён праходзіць пад асабістым патранажам князя Манака Альберта і прынцэсы Стэфаніі, якая ўзначальвае арганізацыйны камітэт.
У мінулым годзе дырэктар Белдзяржцырка Таццяна Бандарчук была запрошаным членам журы конкурсу, а ў гэтым годзе ўдзел у ім прынялі артысты балета. За прафесіянальную пастаноўку і фантастычныя касцюмы рэжысёр-пастаноўшчык Белдзяржцырка Серж Бандарчук і яго балет упершыню ў гісторыі беларускага цырка ўдастоіліся спецыяльнага прыза прынцэсы Стэфаніі. Артыстаў узнагародзілі спецыяльным дыпломам і статуэткай.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|