15 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дні беларускай культуры "Беларускі калейдаскоп", прысвечаныя 115-годдзю беларускага паэта Пятра Глебкі, прайшлі ў Таліне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў дыпламатычнай місіі Беларусі ў Эстоніі.
Мерапрыемства адбылося пры падтрымцы пасольства Беларусі ў Эстоніі. А яго арганізатарам выступіў Цэнтр нацыянальных меншасцей "Радзіма".
У рамках Дзён беларускай культуры 5 снежня прайшоў анлайн-конкурс юных чытальнікаў "Радзіма добрая мая...", у якім прынялі ўдзел 22 выканаўцы з Эстоніі, Беларусі і Іарданіі.
Затым, 7 снежня, адбыўся творчы конкурс юных мастакоў "Вершы беларускага паэта П.Глебкі ў малюнках", удзельнікі якога паказалі ў малюнках сваё ўяўленне аб вершах вядомага беларускага паэта. На конкурс паступіла 90 работ з Эстоніі, Расіі, Беларусі і Італіі.
На заключным этапе Дзён беларускай культуры 12 снежня адбыўся музычна-паэтычны вечар "Мой родны край, мая калыска", на якім прагучалі вершы Пятра Глебкі ў выкананні эстонскіх школьнікаў. Акрамя таго былі прадстаўлены музычныя і танцавальныя нумары і экскурс-прэзентацыя "Жыццёвы шлях і творчасць Пятра Глебкі".
Адбылася таксама цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсаў з уручэннем ім ганаровых грамат пасольства Беларусі ў Эстоніі, кніг аб культуры, славутасцях і гісторыі Беларусі. Асаблівая ўдзячнасць была выказана культурна-асветнаму аб'яднанню беларусаў у Іарданіі за актыўны ўдзел у Днях беларускай культуры.
У пасольстве адзначылі, што такія мерапрыемствы садзейнічаюць распаўсюджванню ведаў аб культуры і багатай творчай спадчыне Беларусі за мяжой, развіццю беларуска-эстонскіх культурных сувязей, а таксама аб'яднанню беларускіх дыяспар з розных краін.