3 чэрвеня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Выстаўка "Падарожжа па Палесціне" адкрываецца 5 чэрвеня ў Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў дырэкцыі музея.
У экспазіцыі амаль 70 экспанатаў, якія прадстаўляюць традыцыйныя народныя рамёствы Палесціны: вышыўку, кераміку, разьбу па аліўкавым дрэве і вырабы з перламутру. Таксама будуць прадстаўлены макеты мячэцей і карціны з каляровага пяску, мужчынскае і жаночае нацыянальнае адзенне.
Ініцыятарам правядзення выстаўкі стала пасольства Палесціны ў Беларусі. Гэту выстаўку яно ўпершыню прадставіла ў Мінску да Дня палесцінскай культуры і вырашыла далей знаёміць жыхароў Беларусі з культурным здабыткам сваёй краіны.
У Гродне ў цырымоніі адкрыцця выстаўкі прыме ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Палесціны ў Беларусі Халед Арыкат са сваёй сям'ёй.
Выстаўка палесцінскай культуры ў Гродне адбудзецца ўпершыню. Экспазіцыя "Падарожжа па Палесціне" ў музеі гісторыі рэлігіі будзе прадстаўлена на працягу месяца.