10 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Нацыянальным аэрапорце Мінск персаналу будуць вымяраць тэмпературу. Дадатковыя меры па прадухіленні распаўсюджвання COVID-19 прыняты з 10 красавіка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе аэрапорта.
"З 10 красавіка праводзіцца маніторынг тэмпературы супрацоўнікаў прадпрыемства, арганізацый, якія працуюць на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорта Мінск, а таксама наведвальнікаў аэрапорта. Тэмпературу будуць мераць з дапамогай бескантактавых тэрмометраў", - растлумачылі ў прэс-службе.
З 8.00 да 9.00 і з 20.00 да 21.00 тэмпературу работнікаў і наведвальнікаў паветранай гавані будуць правяраць пры праходжанні праз КПП нумар 1 і аэравакзальны комплекс. У час праверкі ўваход/выхад у аэравакзальны комплекс будзе магчымы выключна праз дзверы на першым паверсе (сектары 3-4 і 5-6), астатнія дзверы будуць закрыты. На час маніторынгу з 8.00 да 9.00 і з 20.00 да 21.00 будзе абмежаваны рух па эстакадзе.
Крытэрыем нядопуску на работу будзе тэмпература 37,2 градуса. Людзей з тэмпературай больш як 37,2 градуса будуць накіроўваць у медпункт. Калі сімптомы ВРВІ з'явяцца ў супрацоўнікаў на працягу працоўнай змены (павышаная тэмпература цела, кашаль і іншыя), яны будуць таксама неадкладна накіраваны ў медпункт аэрапорта, растлумачылі ў прэс-службе.