14 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 15 снежня адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы "Кніжныя здабыткі", на якой будуць прадстаўлены помнікі кніжна-пісьмовай культуры, якія паступілі ў бібліятэчны фонд на працягу 2023 года, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове.
У бягучым годзе кніжны збор Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі рознымі спосабамі папоўніўся помнікамі айчыннай і еўрапейскай кніжнай культуры. У тым ліку экзэмплярамі рэдкіх выданняў, перададзенымі ў дар, а таксама ўнікальнымі дакументамі і выданнямі XIX-XX стагоддзяў, набытымі за бюджэтныя сродкі.
Сярод скарбаў - рукапіс беларуска-татарскага паходжання, першы рыфмаваны Псалтыр на царкоўнаславянскай мове, унікальная крыніца айчыннай гісторыі - збор рэдкага перыядычнага выдання "Гродненские губернские ведомости" з дапаўненнямі 1840-х гадоў, а таксама арыгінальныя дакументы перыяду Вялікай Айчыннай вайны - рукапісныя чырвонаармейскія баявыя лісткі 1943 і 1944 гадоў.
У Беларусь з Германіі былі вернуты і каштоўныя еўрапейскія выданні канца XVIII-XIX стагоддзяў аднаго з самых багатых кніжных збораў 2-й палавіны XVIII - пачатку XX стагоддзя - бібліятэкі Храптовічаў. Асобны тэматычны комплекс складаюць сучасныя выданні, сярод якіх высакаякаснае факсіміле ўнікальнага помніка літаратуры, славянскай культуры і кніжнага мастацтва "Библия Матфея Десятого 1507 года", ілюстраваныя каталогі паштовак вядомай рускай мастачкі Кацярыны Бём і іншыя выданні.
Адкрыццё выставы адбудзецца ў 16.00. Яна будзе працаваць да 31 студзеня.