3 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. XXIV Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад-2017" стартаваў. Урачыстая цырымонія адкрыцця кінафоруму пад слоганам "Ісціна, любоў і прыгажосць" адбылася ў кінатэатры "Масква", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прывітанне кіраўніка дзяржавы гасцям фестывалю зачытаў намеснік прэм'ер-міністра Васіль Жарко. Ён уручыў спецыяльны прыз Прэзідэнта Беларусі "За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве" народнаму артысту Расіі Уладзіміру Мяньшову, які з удзячнасцю прыняў прыз, лічачы гэта высокай узнагародай.
Уладзімір Мяньшоў разбіў сімвалічную талерку "Лістапада-2017", тым самым даўшы старт 24-му па ліку міжнароднаму кінафоруму ў Мінску.
Пасля прадстаўлення ўдзельнікаў конкурсных праграм і членаў журы для гасцей вечара прапанаваны паказ фільма Барыса Хлебнікава "Арытмія".
XXIV Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" пройдзе з 3 па 10 лістапада. Дырэкцыя галоўнай кінападзеі года - Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн". Арганізатары - Міністэрства культуры, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пры ўдзеле Белтэлерадыёкампаніі, Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", Беларускага саюза кінематаграфістаў.