1 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінску ў Верхнім горадзе ў жніўні адбудуцца чатыры фестывалі нацыянальных культур. Аб гэтым паведаміў дырэктар КУП "Мінская спадчына" Павел Шыкунец сёння на аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мерапрыемствы па правядзенні ў Верхнім горадзе фестываляў нацыянальных культур становяцца традыцыйнымі. Так, у жніўні адбудуцца адразу чатыры такія фестывалі: польскай, карэйскай, украінскай культуры і грузінскае свята "Тбілісоба" з правядзеннем майстар-класаў і арганізацыяй канцэртаў", - сказаў Павел Шыкунец.
Ён таксама інфармаваў, што для павышэння турыстычнай прывабнасці гістарычнага цэнтра сталіцы і бесперашкоднага доступу жыхароў і гасцей горада да месц правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў узгоднены праект рашэння Мінгарвыканкама па стварэнні пешаходнай зоны на тэрыторыі плошчы Свабоды, у тым ліку ў будныя дні. Пры гэтым для работы аб'ектаў з агульнадаступнымі функцыямі будзе арганізаваны бесперашкодны доступ для тэхналагічнага аўтатранспарту.
Акрамя таго, прадаўжаецца работа па насычэнні Верхняга горада аб'ектамі культурнага прызначэння. Як адзначыў Павел Шыкунец, да Дня горада ў скверы на плошчы Свабоды запланавана ўстанавіць скульптурную кампазіцыю "Жыхары Мінска ХІХ стагоддзя: кампазітар Станіслаў Манюшка і драматург Дунін-Марцінкевіч - стваральнікі беларускай нацыянальнай класічнай оперы".
Асноўны напрамак дзейнасці КУП "Мінская спадчына" - стварэнне адпаведнага ўзроўню сталіцы гістарычнага цэнтра Мінска шляхам рэалізацыі комплекснага падыходу па рэканструкцыі, рэстаўрацыі, аднаўленні, кіраванні, эксплуатацыі і ўтрыманні будынкаў, збудаванняў і тэрыторый гістарычных забудоў.