28 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага 28 верасня адбудзецца сустрэча са скульптарам Сяргеем Гумілеўскім і пройдзе аўтарская экскурсія па выставе "Шлях".
На сустрэчы Сяргей Гумілеўскі раскажа пра цыклы работ паводле твораў Максіма Багдановіча і Янкі Купалы, партрэты гістарычных фігур і дзеячаў культуры, скульптурнае афармленне Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу, кампазіцыю "Балет" каля Вялікага тэатра, "Галубку" ў Цэнтральным батанічным садзе. У сценах галерэі ён падзеліцца ўспамінамі пра вучобу ў Творчых акадэмічных майстэрнях жывапісу, графікі і скульптуры, сустрэчах з Міхаілам Савіцкім, сумесных праектах з бацькам Львом Мікалаевічам Гумілеўскім.
Сяргей Гумілеўскі скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Ён праходзіў практыку ў Творчых акадэмічных майстэрнях жывапісу, графікі і скульптуры: вучыўся ў Леаніда Давідзенкі, бацькі - Льва Гумілеўскага, Анатоля Арцімовіча, Міхаіла Савіцкага. Скульптар з'яўляецца Лаўрэатам Прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2009-2010 гады.
Адзін з галоўных матываў яго творчасці - адлюстраванне духоўнай спадчыны выдатных дзеячаў беларускай культуры: пісьменнікаў, паэтаў, драматургаў, кампазітараў, мастакоў, асветнікаў. Асаблівае месца сярод яго работ займаюць скульптурныя вобразы-станы і ўзвышаныя настроі чалавечай душы, выкананыя з дрэва, металу, каменю.
Сустрэча адбудзецца ў 18.00.