20 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі, паводле даных на 19 красавіка, паправіліся і выпісаны 494 пацыенты, у якіх раней быў пацверджаны дыягназ COVID-19, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.
З пачатку лютага ў Беларусі праведзены 98 231 тэст на каранавірусную інфекцыю. Для правядзення тэсціравання задзейнічаны 25 лабараторый, якія адкрыты як у рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтрах і ў цэнтрах гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, так і ў прыватных медыцынскіх цэнтрах.
На стацыянарным лячэнні знаходзяцца 3 538 чалавек. Астатнія на амбулаторным лячэнні або выпісаны пасля праходжання лячэння. У асаблівай увазе спецыялістаў, у сувязі з цяжкасцю захворвання, маюць патрэбу 86 пацыентаў.
Памерлі 47 чалавек з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй.