12 верасня, Мінск /Вікторыя Апанасёнак - БЕЛТА/. Тыдні культуры Германіі пройдуць у Беларусі з 15 верасня да 31 кастрычніка, паведамілі БЕЛТА ў пасольстве ФРГ у Беларусі.
Паводле слоў арганізатараў, у праграму мерапрыемстваў уключаны кінапаказы і тэатральныя пастаноўкі, канцэрты і паэтычны паядынак, літаратурны калаж, аўтарскія чытанні, выстаўкі, майстар-класы і семінары на актуальныя тэмы ў 11 гарадах рэспублікі.
"У гэтым годзе адзначаецца асаблівы юбілей. 17 кастрычніка 10-ы раз стартуе Тыдзень нямецкай мовы і культуры ў Брэсце, які за гэты час стаў неад'емнай часткай тыдняў Германіі, а таксама нямецкіх праектаў у галіне культуры ў Беларусі", - адзначылі ў пасольстве.
Тыдні Германіі праводзяцца пасольствам Федэратыўнай Рэспублікі Германія сумесна з германскімі пасрэднікамі і арганізацыямі ў галіне культуры Беларусі ў супрацоўніцтве з беларускімі партнёрамі.