21 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Творчая каманда акцёраў і рэжысёраў Беларусі, Расіі, Францыі, Бельгіі і Італіі прадставіць спектакль на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў тэатры.
Знатакоў франкафоннай культуры і драматычнага мастацтва 27 і 28 жніўня Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, міжнароднае грамадскае аб'яднанне "Тэатро" (Беларусь) і тэатральная асацыяцыя Demain Le Printemps (Францыя) запрашаюць у цікавае падарожжа пад назвай "Тэатральны ваяж II".
Ідэя франка-беларускага праекта, створанага пры супрацоўніцтве аб'яднання "Тэатро" і асацыяцыі Demain Le Printemps, узнікла яшчэ ў час вучобы рэжысёра Фабрыса Карэя ў Беларусі ў Акадэміі мастацтваў. Знайшоўшы падтрымку сярод акцёраў і рэжысёраў Беларусі, ён на працягу 20 гадоў рэгулярна арганізоўвае майстар-класы і спектаклі з удзелам акцёраў з Францыі, Канады, Бельгіі, Швейцарыі, Іспаніі, Туніса, Германіі, Беларусі і Расіі.
Цяпер актыўную падтрымку праекту аказвае Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Гісторыя супрацоўніцтва з РТБД доўжыцца ўжо некалькі гадоў, на працягу якіх рэгулярна арганізоўваюцца спектаклі, музычныя тэматычныя вечары, турнэ і майстар-класы з удзелам як замежных, так і беларускіх артыстаў.
У маі 2015 года Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі і асацыяцыя Demain Le Printemps падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве і пашырэнні праектаў на тэрыторыі Беларусі і Францыі.
Спектакль "Тэатральны ваяж II" - гэта незабыўны вечар у французскай танальнасці. На працягу месяца артысты акуналіся ў атмасферу жыцця мінчан, знаёміліся з тэатральнай спадчынай К.С.Станіслаўскага і ўвасаблялі свае назіранні і набытыя веды ў тэатральных замалёўках на сцэне РТБД.
Над пастаноўкай працавалі рэжысёры-пастаноўшчыкі Ігар Блінкоў, Сяргей Тарасюк, Мікалай Кірычэнка.