27 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урачыстая цырымонія адкрыцця Дня беларускага пісьменства 1 верасня азнаёміць з багатай гісторыяй слонімскай зямлі, паведаміла журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Ірына Дрыга, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Урачыстая цырымонія адкрыцця свята пачнецца ў 12.00. Яна мае назву "Зямля мая беларуская". Гэта будзе мастацка-гістарычнае дзейства, цалкам пабудаванае на яркіх падзеях гісторыі рэгіёна. Вядучымі будуць юнак і дзяўчына, якія ўвасабляюць маладых жыхароў слонімскай зямлі", - расказала Ірына Дрыга.
Паводле яе слоў, дзейства будзе ўяўляць сабой своеасаблівае падарожжа ў часе галоўных герояў, якія акунуцца ў гістарычныя падзеі, што адбываліся на гэтай зямлі. У фінальнай сцэне будзе прадстаўлены сённяшні дзень рэгіёна з шырокай прэзентацыяй яго творчага патэнцыялу. Кульмінацыяй свята стане ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Завершыцца цырымонія адкрыцця выкананнем гімна Дня беларускага пісьменства.
Закрыццё форуму адбудзецца ў 20.00. У прыватнасці, запланавана канцэртная праграма майстроў мастацтваў "Льецца песня па-над Шчарай" і ўрачыстая цырымонія перадачы эстафеты свята гораду Бялынічы Магілёўскай вобласці.
У канцэртах адкрыцця і закрыцця прымуць удзел як вядучыя калектывы і выканаўцы краіны, так і самадзейныя, аматарскія калектывы Гродзенскай вобласці.
Дзень беларускага пісьменства адзначаецца з 1994 года ў першую нядзелю верасня. Цэнтрам свята станавіліся розныя гарады: Полацк (тройчы), Тураў (двойчы), Заслаўе (двойчы), Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў, Іванава. XXVI Дзень беларускага пісьменства прымае Слонім.