12 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тры экіпажы каманды "МАЗ-СПОРТаўта" ўвайшлі ў топ-10 на пятым этапе "Шаўковага шляху", паведамілі БЕЛТА ў беларускай камандзе.
Лепшы час сярод мазаўскіх пілотаў паказаў Сяргей Вязовіч, які фінішаваў чацвёрты, - 4 гадзіны 48 мін.
Пяты спецучастак хоць і быў працяглым (больш за 484 км), але складаўся ў асноўным са скорасных трас: цвёрдай грунтоўкі з камяністымі і гравійнымі адрэзкамі.
Хутчэй за беларуса, які перамог на трэцім этапе гонкі, былі толькі тры камазаўскія гоншчыкі: лідар этапу Дзмітрый Сотнікаў, які апярэдзіў беларусаў на 16 мін., Антон Шыбалаў і Эдуард Нікалаеў.
МАЗ Аляксея Вішнеўскага прайшоў этап на шостай пазіцыі. Яго час - 5 гадзін 2 мін., а гандыкап - амаль 30 мін. У генеральнай класіфікацыі ён знаходзіцца на 11-м месцы і адстае ад расійскага экіпажа на 7 гадзін 13 мін.
Сёмым пераадолеў спецучастак Аляксандр Васілеўскі, патраціўшы 5 гадзін 5 мін. - амаль на 33 мін. больш, чым пераможца этапу. У генеральнай кваліфікацыі беларускі экіпаж падняўся на сёмае месца, уступаючы лідару гонкі 2 гадзіны 29 мін.
На шостым этапе гоншчыкаў чакае спецучастак працягласцю 388 км. Па маршруце экіпажам трэба будзе часта змяняць напрамак, а пад канец аб'язджаць шматлікія пасткі, якіх можна будзе пазбегнуць пры правільнай навігацыі.
Ралі-рэйд "Шаўковы шлях-2017" праходзіць па тэрыторыі Расіі, Казахстана і Кітая. Завершыцца гонка 22 ліпеня ў кітайскім горадзе Сіянь. Працягласць дыстанцыі складае 9599 км, з якіх 4094 км прыпадае на спецучасткі. Еўразійскі марафон па ўзроўні складанасці не ўступае сусветна вядомаму "Дакару".