9 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фінальны матч Кубка Федэрацыі паміж тэнісісткамі зборных Беларусі і ЗША выклікае вялікую цікавасць ва ўсім свеце. Трансляцыі з Мінска ўбачаць тэлегледачы 157 краін, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Непасрэдна на корце сталічнай "Чыжоўка-Арэны" асвятляць фінал неафіцыйнага каманднага чэмпіянату свету сярод жаночых зборных будуць звыш 120 журналістаў, якія прадстаўляюць больш як 50 СМІ розных краін планеты.
У суботу, 11 лістапада, адбудуцца два адзіночныя паядынкі, 12 лістапада пройдуць яшчэ дзве адзіночныя гульні і парны матч. У першы дзень спаборніцтвы пачнуцца ў 14.00, у другі - у 13.30.
Да гэтага тэнісныя зборныя Беларусі і ЗША ў Кубку Федэрацыі сустракаліся паміж сабой толькі аднойчы: у лютым 2012 года амерыканкі перамаглі на сваёй арэне з лікам 5:0. Зборная Беларусі ўпершыню прабілася ў фінал, а каманда ЗША 17 разоў станавілася пераможцай Кубка Федэрацыі. У гэтым сезоне беларускія тэнісісткі па чарзе перамаглі ў Мінску саперніц з Нідэрландаў (4:1) і Швейцарыі (3:2), а амерыканкі таксама дома абыгралі зборныя Германіі (4:0) і Чэхіі (3:2). Цяпер у камандным рэйтынгу жаночых зборных Беларусь займае другую пазіцыю, ЗША знаходзіцца на трэцім месцы, а наперадзе каманда Чэхіі.