19 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Х Міжнародны маладзёжны тэатральны форум "М@rt.кантакт", які пройдзе ў Магілёве з 21 па 27 сакавіка, прадставіць гледачам 19 спектакляў. Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У праграме юбілейнага форуму прымуць удзел тэатральныя калектывы з дзесяці краін. На працягу ўсіх сямі фестывальных дзён гледачам будзе прапанавана насычаная праграма. Паказы будуць ісці на трох тэатральных пляцоўках горада: у тэатры лялек, у драмтэатры і канцэртнай зале "Магілёў".
Форум "М@rt.кантакт", які нарадзіўся ў 2006 годзе, створаны для развіцця і прапаганды тэатральнага мастацтва шляхам паказу лепшых сцэнічных твораў для моладзі, аб моладзі і з удзелам моладзі. Фестываль за гады правядзення стаў адной са значных і чаканых культурных падзей не толькі ў Магілёве, але і ў Беларусі. Паводле слоў Валерыя Малашкі, ужо распрададзена больш як 80 працэнтаў білетаў.