6 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэатр эстрады падрыхтаваў музычныя падарункі да Дня маці. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў дырэктар тэатра Сяргей Мядзведзеў.
Набліжаецца адно з самых цёплых свят восені - Дзень маці. Заўсёды хочацца парадаваць свайго самага дарагога чалавека чымсьці незвычайным і незабыўным. Тэатр эстрады прапануе замену матэрыяльным падарункам і раіць падарыць мамам яркія эмоцыі і настрой, якіх часам так не хапае ў паўсядзённым жыцці. Так, 14 кастрычніка на сцэне Палаца Рэспублікі адбудзецца трыб'ют-шоу "Mama Mia".
"Мы пачалі падрыхтоўку яшчэ ранняй вясной і хацелі, каб наша святочная праграма абавязкова знайшла водгук у сэрцы кожнага. Менавіта таму асноўнай музычнай тэмай шоу былі выбраны сусветныя хіты, знаёмыя і любімыя мільёнамі. Назвай шоу стала аднайменная песня легендарнай групы ABBA, трыб'ют якой абавязкова пачуе глядач", - расказаў Сяргей Мядзведзеў.
Паводле яго слоў, гэта будзе своеасаблівае турнэ па сусветных эпахальных музычных творах аб цудоўнай палавіне чалавецтва. "Для гледачоў падрыхтавалі самыя хітовыя песні розных эпох, якія прагучаць у выкананні трыб'ют-версій групы "Брава" і Валерыя Сюткіна, "Queen", Даліды, Філіпа Кіркорава і Алы Пугачовай, Крысціны Агілеры, Bon Jovi, ансамбля "Верасы" і многіх іншых", - адзначыў дырэктар тэатра.
Акрамя таго, напярэдадні свята ўсіх мам запрашаюць на канцэртную праграму "Усе песні для цябе", якая адбудзецца ў камернай канцэртнай зале тэатра эстрады 13 кастрычніка і будзе напоўнена душэўнымі песнямі ў выкананні артыстаў беларускай эстрады. "Гледачам падораць прэм'еры песень, а таксама даўно любімыя і стаўшыя хітамі творы", - дадаў Сяргей Мядзведзеў.