13 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка перад удзелам ва Усебеларускім злёце студэнцкіх атрадаў наведаў інтэрактыўную выстаўку аб напрамках дзейнасці студатрадаўскага руху, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Выстаўка ў холе Палаца спорту акунае ў гісторыю студатрадаўскага руху Савецкага Саюза і сучаснай Беларусі. Тут выставілі фатаграфіі маштабных будоўляў, на якіх працавалі беларускія студэнцкія атрады. Для выстаўкі арганізатары адшукалі і здымак з Прэзідэнтам - на ім Аляксандр Лукашэнка адлюстраваны ў кампаніі свайго студатрадаўскага калектыву.
Педагагічныя атрады прадставілі на выстаўцы тэматычныя настольныя гульні ("Мая цаліна", "Хранограф гістарычнай памяці: вызваленне Беларусі" і іншыя) і гістарычную рэканструкцыю подзвігу абаронцаў Полацка з прымяненнем тэхналогій віртуальнай рэальнасці "Гераічны дот". Усё гэта распрацавана і выраблена ўдзельнікамі студэнцкіх атрадаў і выкарыстоўваецца імі ў рабоце ў якасці важатых у аздараўленчых лагерах, на мерапрыемствах грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці.
На лакацыі "Студэнцкія вытворчыя атрады" ўдзельнікі студатрада "Молат" імя Героя Савецкага Саюза П.М.Гаўрылава" правялі майстар-клас па практычнай зборцы рухавіка аўтамабіля ВА3-2106. Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі ўжо сабраны ўзор.
"Вось гэта карысна!" - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Як расказаў першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук'янаў, вытворчыя студатрады працуюць на многіх прадпрыемствах. Больш за ўсё працоўных месцаў для іх выдзяляе "Атлант".
"Можа, яны і выцягнуць "Атлант", - выказаў меркаванне Прэзідэнт.
Студэнцкія сельскагаспадарчыя атрады прадставілі інавацыйныя распрацоўкі, якія адкрываюць новыя магчымасці для эфектыўнага выкарыстання рэпрадуктыўнага патэнцыялу жывёл і стварэння стратэгічнага запасу генетычнага матэрыялу для жывёлагадоўлі.
Многія байцы сельскагаспадарчых атрадаў працуюць памочнікамі камбайнераў. А ці змогуць яны самі кіраваць камбайнам, пацікавіўся кіраўнік дзяржавы.
"Ужо магу", - заявіў баец студатрада "Юнацтва 2", студэнт БДАТУ Дзмітрый Ліскавец.
"А на якім камбайне?" - удакладніў Прэзідэнт.
Як высветлілася, Дзмітрый Ліскавец працаваў на "Доне". Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што хлопцу трэба прадаставіць камбайн ужо больш сучасны.
Медыцынскія студатрады прадэманстравалі на выстаўцы трэнажор сардэчна-лёгачнай рэанімацыі дарослага, на якім адпрацоўваецца навык рэанімацыі. Таксама на стэндзе яны прадставілі інавацыйныя праекты "Павязкі медыцынскія сярэбразмяшчальныя", "Касметычны комплекс GLUDERM", "Індывідуальная кампрэсійная бялізна для лячэння рубцовых змяненняў скуры", "Вусцілка-ўкладыш для лёгкай хадзьбы і бегу".
Пляцоўка "Студэнцкія сэрвісныя атрады" была аформлена ў выглядзе макета фотастудыі з зялёным фонам і мноствам фотаапаратаў: сярод байцоў студатрадаў ёсць і будучыя журналісты. Для ўдзельнікаў злёту тут правялі майстар-клас па фатаграфаванні на плёначны фотаапарат "Зеніт" вытворчасці 1980-х гадоў. Памятны здымак зрабілі і з Аляксандрам Лукашэнкам.
"Гэта крута было - люстраны фотаапарат!" - успомніў сваё юнацтва кіраўнік дзяржавы.
Не абышлося і без больш сучаснага жанру - сэлфі на смартфон.
"Праца!" - даў старт Прэзідэнт.
"Крутая!" - прадоўжылі дэвіз байцы студатрадаў.
"Такія прагрэсіўныя ўсе!" - падзяліўся ўражаннямі ад убачанага беларускі лідар.