24 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "Свабодны раяль" установяць у Мінску на плошчы Свабоды 26 ліпеня, паведаміў БЕЛТА куратар праектаў фонду "Ідэя" Вячаслаў Корсак.
З 19.00 да 21.00 каля сцен Мінскай гарадской ратушы кожны жадаючы зможа выканаць урывак са свайго любімага музычнага твора. Акцыя адбудзецца ў рамках серыі летніх канцэртаў "Класіка каля ратушы". Самых юных талентаў, якія пакажуць майстэрства на "свабодным раялі", чакаюць сюрпрызы ад спонсараў праекта.
У Верхнім горадзе 25 ліпеня адбудзецца трэці канцэрт з цыкла "Класіка каля ратушы". На гэты раз прафесіяналы выканаюць шэдэўры барока. У праграме выступленне квартэта саксафаністаў SaXaS і ансамбля салістаў "Парціта".
Кожныя суботу і нядзелю на тэрыторыі Верхняга горада праходзяць мерапрыемствы летняга музычна-турыстычнага сезона. Сваё майстэрства тут дэманструюць тэатральныя, харэаграфічныя калектывы, артысты вулічных тэатраў, праходзяць майстар-класы і выстаўкі дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва, выстаўкі рамеснікаў і мастакоў, паказы з удзелам клубаў гістарычнай рэканструкцыі, светлавыя перформансы, тэматычныя вечары харавой, джазавай і камернай інструментальнай музыкі.