25 чэрвеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці аднавілі арган, выраблены ў пачатку ХХ стагоддзя, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў райвыканкаме.
Арган у касцёле святых Пятра і Паўла ў вёсцы Мядзведзічы з'явіўся ў 1912 годзе па ініцыятыве мясцовага ксяндза Яна Эйсманта. Свяшчэннаслужыцель разумеў, што такі набытак падкрэсліць высокі статус храма. Інструмент заказалі ў віленскай фірме Пятра Вайцаховіча. Майстры зрабілі арган з дзвюма клавіятурамі, педаллю на 17 рэгістраў. У яго 924 трубы, памер якіх вагаецца ад некалькіх сантыметраў да пяці метраў у вышыню. Ён займае два паверхі касцёла.
"Наш арган іграў, але ўжо фальшывіў. Яго адрамантаваў аўтар энцыклапедыі "Арганы Беларусі" прафесар БДУ Аляксандр Бурдзялёў, - расказалі ў Ляхавіцкім райвыканкаме. - У чэрвені мы планавалі правесці ў Мядзведзічах міжнародны арганны фестываль і прэзентаваць на ім адноўлены інструмент. Павінны былі прыехаць музыканты з Расіі, Польшчы, Германіі. Аднак пандэмія ўнесла карэктывы, і фестываль быў адменены. Прэзентуем арган 27 чэрвеня ў 13.00". У гэты дзень у касцёле прагучыць музыка розных эпох. Яе выканаюць вядомыя беларускія музыканты. У тым ліку чакаецца ўдзел народнага артыста Беларусі Ігара Алоўнікава.
Стагадовы арган - здабытак касцёла святых Пятра і Паўла. Пабудаваны ў 1908 годзе ў стылі эклектыкі храм з'яўляецца помнікам архітэктуры. Ён узведзены па праекце польскага архітэктара Стафана Шылера. Касцёл у Мядзведзічах стаў месцам паломніцтва.