5 ліпеня, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. Дабрачынны Кубак "Вялікай бард-рыбалкі" па бегу пройдзе 28 ліпеня ў час аднайменнага міжнароднага музычна-спартыўнага свята. Яго прысвецяць Году малой радзімы і 45-годдзю генеральнага партнёра творчага праекта ААТ "Магатэкс", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аргкамітэце мерапрыемства.
За кожны кіламетр, які прабягуць удзельнікі забегу, кампанія "Магатэкс" пералічыць на дабрачынны рахунак, адкрыты з мэтай адраджэння архітэктурнай жамчужыны Беларусі першай палавіны
ХVII стагоддзя па Br1.Забег стартуе ў 9.00 у пасёлку Грудзічына. Рэгістравацца на ўдзел у ім і атрымаць спецыяльны нумар можна адразу на кантрольна-прапускным пункце свята, або перад пачаткам старту (з 7.00 да 8.30). Перад стартам у 8.45 адна з заснавальніц фітнес-руху ў Беларусі, бізнесвумен і медыйная асоба Наталля Наважылава правядзе масавую зарадку (размінку).
Забег пройдзе па лясной трасе даўжынёй 1 км. Ацэньваць вынікі і вызначаць лепшых будуць дзве прафесійныя судзейскія брыгады. Першая тройка абсалютных пераможцаў у мужчын і жанчын атрымае каштоўныя падарункі ад партнёраў бард-рыбалкі. Спецыяльныя прызы ўручаць самаму юнаму, самаму старэйшаму ўдзельніку (-цы) і самай хуткай сям'і. Першыя 100 чалавек, якія прабягуць самую вялікую колькасць кіламетраў, атрымаюць памятныя сувеніры. Акрамя таго, усе ўдзельнікі забегу атрымаюць мясныя кансервы з лагатыпам "Вялікай бард-рыбалкі" ад кампаніі "Гродфуд".
У час масавага забегу будзе дадзены і анонс маючых адбыцца ў 2019 годзе ІІ Еўрапейскіх гульняў у Беларусі. На персанальных нумарах удзельнікаў будзе размешчаны сімвал і талісман будучых спартыўных спаборніцтваў.
У дабрачыннай акцыі прымуць удзел прадстаўнікі кіраўніцтва вобласці, Быхаўскага райвыканкама, парламентарыі, дзеячы мастацтва, музыканты, вядомыя спартсмены і ўсе тыя, хто не абыякавы да захавання і адраджэння помнікаў архітэктуры і гісторыі, беларускіх традыцый і культуры. Так, сваю згоду на ўдзел у гэтым мерапрыемстве ўжо далі: удзельнік дзвюх Алімпійскіх гульняў у Лондане і Рыа-дэ-Жанэйра, прызёр чэмпіянату Еўропы, майстар спорту міжнароднага класа па марафоне Сцяпан Рагаўцоў; прызёр чэмпіянату Еўропы, неаднаразовы чэмпіён Беларусі, майстар спорту міжнароднага класа Сяргей Платонаў; пераможцы магілёўскага Мебелайн марафону майстры спорту Юрый Капцераў і Вольга Камінская.
"Гэтай акцыяй мы ставім перад сабой задачу не толькі па папулярызацыі актыўнага і здаровага ладу жыцця, але таксама па прыцягненні ўвагі грамадскасці і зборы талакой сродкаў для адраджэння помніка архітэктуры, узведзенага ў стылі позняга рэнесансу і ранняга барока, - адзначыў адзін з ініцыятараў і арганізатараў акцыі старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк. - Пры гэтым замак - толькі частка ўмацаванняў Быхаўскай крэпасці. У прызнаны культурнай спадчынай рэспубліканскага значэння комплекс уваходзяць таксама ўнікальная сінагога абарончага тыпу і тэрыторыя былога касцёла. Мы спадзяёмся, што нашы галасы пачуюць і ва ўрадзе краіны, каб выдзеліць сродкі або дапамагчы знайсці інвестараў для завяршэння рэстаўрацыі і рэканструкцыі ўнікальнага аб'екта. Адроджаны замак надасць новы імпульс эканамічнаму і культурнаму развіццю Быхава, прыцягне ў горад і краіну дадаткова дзясяткі тысяч турыстаў".
Быхаўскі замак пачаў будаваць гетман Вялікага Княства Літоўскага Ян Хадкевіч, а прадоўжыў будаўніцтва яго зяць Ян Сапега. Пабудаваны тады з прымяненнем самых сучасных тэхналогій абарончы комплекс займаў участак на беразе Дняпра ў выглядзе няправільнага прамавугольніка памерам 77×100 м. З трох бакоў подступы да замка абараняў роў глыбінёй да 27 м і валы з бастыёнамі. З усходняга боку да перыметра замка прымыкаў палац. Заходні бок быў умацаваны васьміграннымі двух'яруснымі вежамі, якія мелі па 7-8 байніц. У Быхаўскім замку пастаянна знаходзіўся значны воінскі гарнізон, які падпарадкоўваўся мясцоваму адміністратару (губернатару). У 90-я гады ХХ стагоддзя ва ўцалелых будынках размяшчаўся цэх па дрэваапрацоўцы, але пасля пажару ў жніўні 2004 года замак зноў аказаўся закінутым.
Дзякуючы выдзеленым з рэспубліканскага бюджэту сродкам у 2013 годзе да Дня беларускага пісьменства ў Быхаве былі праведзены работы па кансервацыі фрагментаў замка і адноўлены дзве вартавыя вежы. На далейшае сродкаў не хапіла.
Быхаўскі райвыканкам адкрыў дабрачынны рахунак з мэтай прыцягнення сродкаў спонсараў і грамадзян для аднаўлення нацыянальнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Таму, хто жадае паўдзельнічаць у гэтай добрай справе, могуць пералічыць грошы на дабрачынны рахунак у беларускіх рублях № BY24AKBB36420700944417000000, ЦБУ № 706, філіял № 700, Магілёўскага абласнога ўпраўлення ААТ "ААБ "Беларусбанк" AKBBBY21700, УНП 701224467 з паметкай на кансервацыю і рэканструкцыю асобных элементаў гісторыка-культурнай каштоўнасці "Фрагменты. Быхаўскі замак".
Арганізатарамі акцыі выступаюць: аргкамітэт Міжнароднага музычна-спартыўнага свята "Вялікая бард-рыбалка", Грамадскае аб'яднанне "Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі", ААТ "Магатэкс", Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы пры падтрымцы Магілёўскага аблвыканкама і Быхаўскага райвыканкама.
Інфармацыйныя партнёры: УП "БелТА", СБ "Беларусь Сегодня", "Альфа-Радыё", "АиФ", "СТБ", "Могилевские ведомости", "Веснік Магілёва", інтэрнэт-парталы: sb.by, mogilev-region.gov.by і MogilevNews.by.