17 лютага, Гомель /Валерый Сідорчык - БЕЛТА/. Спектакль "Пясняр" увойдзе ў праграму мерапрыемстваў па святкаванні Дня беларускага пісьменства, які пройдзе 4 верасня ў Рагачове. Аб гэтым паведаміла ў Гомелі, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына Дрыга. Яна прымала ўдзел у падагульняючай калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама.
Спектакль прысвечаны творчай дзейнасці Уладзіміра Мулявіна - у бягучым годзе адзначаецца 75-годдзе з дня яго нараджэння. "За стварэнне п'есы калектыў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва па выніках 2015 года", - адзначыла першы намеснік міністра.
Запланавана таксама падрыхтаваць да Дня беларускага пісьменства некалькі выставак, прысвечаных юбілеям вядомых беларускіх пісьменнікаў. У іх ліку будуць і ўраджэнцы Гомельскай вобласці. Напрыклад, Іван Шамякін, чыё 95-годдзе нядаўна адзначалася ў Добрушскім раёне з удзелам міністра культуры.
У Рагачове сваё майстэрства шырока прадставяць творчыя калектывы Міністэрства культуры. У правядзенні галоўных святочных мерапрыемстваў будуць задзейнічаны і вядомыя рэжысёры. Ім плануецца даверыць арганізацыю цырымоніі адкрыцця і закрыцця свята. Прадстаўнікі Міністэрства культуры будуць таксама ўдзельнічаць у такой важнай і адказнай місіі, як вызначэнне лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. "Адным словам, падрыхтоўка да важнай культурнай падзеі ўжо ідзе. Спадзяёмся, што пройдзе яна на належным узроўні, а гасцямі Рагачова стануць як жыхары рэгіёнаў Беларусі, так блізкага і далёкага замежжа", - канстатавала Ірына Дрыга.