11 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. IX Міжнародны фестываль тэатраў лялек пройдзе ў Мінску з 13 па 17 мая, паведамілі БЕЛТА ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек.
Маштабны форум, які праходзіць раз у два гады, адкрые свае дзверы для ўсіх аматараў сапраўднага тэатральнага мастацтва. За пяць дзён мінчане і госці сталіцы ўбачаць 14 спектакляў. Лепшыя калектывы Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Ізраіля прадставяць сваю творчасць. А ўсяго за гады правядзення фестывалю Мінск наведалі ўжо больш як 50 тэатраў з розных куткоў свету.
У гэтым годзе арганізатары падораць гледачам магчымасць убачыць не толькі новыя, але і спектаклі, якія з'яўляюцца лаўрэатамі шматлікіх фестываляў і ўладальнікамі вышэйшых тэатральных узнагарод. Напрыклад, у праграме форуму спектакль "Ваня" тэатра Karlsson Haus (лаўрэат вышэйшай тэатральнай прэміі Санкт-Пецярбурга "Залаты сафіт", намінант расійскай Нацыянальнай тэатральнай прэміі і фестывалю "Залатая маска" 2016 года) і спектакль "Забіць Караля" Пензенскага абласнога тэатра "Лялечны дом" (чатыры разы лаўрэат расійскай Нацыянальнай тэатральнай прэміі "Залатая маска").
Асаблівасць сёлетняга фестывалю - у разнастайнасці жанраў і форм, а таксама ў шырыні прадстаўленых арганізацыйна-творчых структур. У фестывальнай праграме ўдзельнічаюць дзяржаўныя, акадэмічныя, а таксама прыватныя тэатры.
Усе беларускія калектывы прадставяць работы, створаныя за апошні час. У аснове большасці спектакляў - сусветная літаратурная класіка. Замежныя госці ў сваю чаргу падораць відовішчныя і вельмі кранальныя паказы для дзяцей. У тым, што тэатр лялек больш багаты, чым сфарміраванае ўяўленне аб ім, гледачоў пераканаюць спектаклі для дарослых.
Традыцыйна ў час фестывалю будуць праводзіцца майстар-класы і дыскусіі з гледачамі і крытыкамі. Таксама ўсіх чакае вечар тэатральнай музыкі "Лялечны рок-н-рол", праграма прадставіць кампазіцыі, напісаныя спецыяльна для тэатраў лялек.
Спектаклі форуму пройдуць на пяці пляцоўках горада - Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, Новага драматычнага тэатра, Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра і малой сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
Арганізатары форуму - Міністэрства культуры, Мінгарвыканкам і Беларускі дзяржаўны тэатр лялек.