7 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чэмпіянат свету па летнім біятлоне 2019 года пройдзе ў "Раўбічах". Такое рашэнне прынята на пасяджэнні Выканкама Міжнароднага саюза біятланістаў (IBU), паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Беларускай федэрацыі біятлона.
Спарткомплекс "Раўбічы" ўступіў у строй больш як 40 гадоў таму, а ў 2015 годзе была завершана яго маштабная рэканструкцыя. За доўгія гады на трасах комплексу прайшло нямала спаборніцтваў самага высокага ўзроўню, у ліку якіх і 3 чэмпіянаты свету па класічным біятлоне (1974, 1982, 1990). У 1999 годзе "Раўбічы" прымалі сусветнае першынство па летнім біятлоне. Пасля рэканструкцыі ў "Раўбічах" у 2015 годзе праходзіла зімовае сусветнае першынство па біятлоне сярод юніёраў. Восенню 2015 і 2016 гадоў на яго лыжаролерных трасах з поспехам прайшлі "Гонкі легенд" з удзелам праслаўленых зорак сусветнага біятлона. Усе госці адзначалі выдатную арганізацыю гэтых турніраў. У "Раўбічах" створаны цудоўныя ўмовы для спаборніцтваў спартсменаў, гледачы таксама адчуваюць сябе вельмі камфортна ў час спаборніцтваў біятланістаў.
Чэмпіянаты планеты па летнім біятлоне праводзяцца з 1996 года. У 2016 годзе турнір прымала эстонская Оцепя, а ў 2017-м сусветнае першынство пройдзе ў расійскім Чайкоўскім.