8 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Спарткомплекс "Раўбічы" ў 2022 годзе прыме этап Кубка свету па біятлоне. Такое рашэнне прынята Міжнародным саюзам біятланістаў (IBU), паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Як расказаў спартыўны дырэктар IBU Фелікс Бетэрлінг, у 2022 годзе ў Кубак свету будуць уключаны эстонскі Отэпя і Мінск, спарткомплекс "Раўбічы".
Беларусь правядзе сёмы этап КС-2021/2022. Спаборніцтвы пройдуць пасля зімовых Алімпійскіх гульняў у Пекіне з 28 лютага па 6 сакавіка.
У бягучым сезоне ў спарткомплексе "Раўбічы" з 18 па 24 лютага 2019 года пройдзе чэмпіянат Еўропы па біятлоне. У ходзе турніру таксама адбудуцца праводзіны з вялікага спорту Дар'і Домрачавай і Надзеі Скардзіна.
Раней у алімпійскім спартыўным комплексе "Раўбічы" праводзіліся чэмпіянаты свету і Еўропы па біятлоне. Пасля рэканструкцыі ў лютым 2015 года тут адбыўся 49-ы юніёрскі чэмпіянат свету.