Дваццаць сёмы па ліку фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" чакае гасцей: асноўная праграма форуму-2018 прадоўжыцца з 12 па 16 ліпеня, але нефармальныя межы фестывалю значна шырэйшыя – дзясяткі мерапрыемстваў у горадзе Шагала запланаваны на 7-11 і 17-18 ліпеня.
Як мяркуюць арганізатары, "Славянскі базар"-2018 паб'е мінулагодні рэкорд праектаў: толькі на галоўнай сцэне ў Летнім амфітэатры пройдзе 19 вялікіх канцэртаў, і па 2-3 праекты ў дзень будуць прымаць астатнія пляцоўкі горада.
Традыцыйна ў цэнтры ўвагі – міжнародныя дзіцячы і дарослы вакальныя конкурсы. Першымі перад журы з'явяцца юныя зорачкі, чый лёс вызначыцца ўжо 12 ліпеня. Плануецца, што галоўны прыз пераможцу дзіцячага конкурсу ўручыць Прэзідэнт на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця "Славянскага базару".
У аснове фестывальнай канцэпцыі гэтага года – тэма малой радзімы, якая знойдзе адлюстраванне ў канцэртах адкрыцця і закрыцця, відэакантэнце, выступленнях артыстаў. Акрамя таго, сёлетні "Славянскі базар" адзначыць дзве знакавыя даты – 80-годдзе кампазітара народнага артыста Беларусі Ігара Лучанка і 30-годдзе будаўніцтва Летняга амфітэатра.
На фестывалі-2018 будзе вельмі шмат выступленняў аркестраў: тут сыграюць маэстра Горан Брэгавіч і яго "Вясельна-пахавальны аркестр", знакаміты Эмір Кустурыца са сваім No Smoking Orchestra, "Фанограф-Сімфа-Джаз" (канцэрт да Дня Саюзнай дзяржавы), дзяржаўны аркестр пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, аркестр пад кіраўніцтвам Святланы Бязроднай, праект "Аркестр мары" Алега Меньшыкава. Акрамя таго, усе вуліцы горада будуць запоўнены мерапрыемствамі, у тым ліку з удзелам прыезджых аркестраў і музыкантаў.
У афішы – цэлы россып зорных імёнаў, эксклюзіўных праектаў і сюрпрызаў: поўную праграму глядзіце на афіцыйным сайце "Славянскага базару".