3 верасня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Прэзентацыя культурнай спадчыны, унесенай у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, танцавальныя майстар-класы, нацыянальная кухня - усё гэта чакае гасцей абласнога фестывалю "Скарбы Гродзеншчыны", які пройдзе 7 верасня. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў абласным метадычным цэнтры народнай творчасці.
"Дакрануцца да спадчыны душой" - такі яго дэвіз. І гэта сапраўды змогуць зрабіць усе, хто прыйдзе ў гэты дзень у цэнтральны гарадскі парк імя Жылібера.
Як расказалі ў АМЦНТ, адной з цэнтральных падзей свята стане выстава-прэзентацыя элементаў нематэрыяльнай культуры Гродзеншчыны, унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
На танцавальным падворку можна будзе не толькі ўбачыць беларускія танцы розных эпох і павучыцца ім у час майстар-класаў. Аматараў танцаў чакаюць "спадарыня кадрыля", полька, кракавяк, падэспань, карапет, танец "На рэчаньку", "полька з выкрунтасамі", вальс і шмат іншага.
"Кухня з водарам традыцый" - гастранамічная пляцоўка, дзе пасля танцаў можна будзе падмацавацца традыцыйнымі беларускімі стравамі, сытнымі і смачнымі.
Як абяцаюць арганізатары, фестываль "Скарбы Гродзеншчыны" дасць магчымасць акунуцца ў багаты свет нашых продкаў разам з носьбітамі культурных і творчых традыцый Прынёманскага краю.